ТЭРЫТО́РЫЯ ДЗЯРЖА́ЎНАЯ,
частка зямнога шара, якая знаходзіцца пад суверэнітэтам пэўнай дзяржавы. У склад Т.дз. уваходзяць суша з яе нетрамі, воды і паветр. прастора, што ляжыць над сушай і водамі. Суша — уся сухапутная тэр. ў межах граніц дзяржавы. Водную тэрыторыю складаюць унутр. (нац.) і тэр. воды. Нетры, што знаходзяцца пад сухапутнай і воднай тэр., з’яўляюцца прыналежнасцю дадзенай дзяржавы да тэхнічна даступнай глыбіні. У паветраную прастору ўваходзяць трапасфера, стратасфера, а таксама значная частка вышэйляжачай прасторы. Бакавыя межы Т.дз. вызначаюцца дзярж. граніцамі. У межах сваёй тэр. дзяржава ажыццяўляе сваё вяршэнства, якое называецца тэрытарыяльным і з’яўляецца састаўной часткай дзярж. суверэнітэту. Права на Т.дз. звычайна замацоўваецца канстытуцыямі дзяржаў. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (арт. 9) абвяшчае тэр. краіны натуральнай умовай існавання і прасторавай мяжой самавызначэння народа, асновай яго дабрабыту і суверэнітэту. Тэр. Беларусі, якая складае пл. 207,6 тыс. км², адзіная і неадчужальная; яна падзяляецца на вобласці, раёны, гарады і інш. адм.-тэр. адзінкі.
Г.А.Маслыка.
т. 16, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)